Віншуем з Юбілеем!
Чалавек, які ўпрыгожвае месца
Кожнаму з нас вядомы выраз аб тым, што не месца красіць чалавека, а чалавек – месца. Гэтыя крылатыя словы цалкам можна аднесці да настаўніка хіміі, біялогіі і працоўнага навучання Дзяржаўнай установы адукацыі “Елкаўская сярэдняя школа” Рукінай Таццяны Васільеўны, якая сваёй плённай, стараннай працай і высокімі маральнымі якасцямі, на самай справе, упрыгожвае ўсё тое, з чым сутыкаецца.
З 1987 года працуе настаўніца ў школе. На працягу ўсяго перыяду работы праяўляе адданасць справе, добрасумленнасць, уменне метадычна граматна арганізаваць вучэбны працэс і пазакласную работу па хіміі, біялогіі. Усе ўрокі Таццяны Васільеўны праходзяць на высокім метадычным узроўні, яны цікавыя і займальныя, на кожным з іх адчуваецца ўменне знайсці кантакт з вучнем, раздзяліць яго праблемы, зацікавіць прадметам, выхаваць да яго неабыякавыя адносіны, пабудаваць занятак з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага вучня. Разуменне пастаўленай перад сабой мэты, патрабавальнасць – вось якасці, якія вызначаюць настаўніцу, якая актыўна выкарыстоўвае на ўроках кантрольна-карэкцыйную тэхналогію, практыкуе падачу матэрыялаў блокамі. Спалучае індывідуальныя і франтальныя формы работы, выкарыстоўвае заданні для развіцця творчых здольнасцей вучняў, іх інтэлекту і памяці. Урокі хіміі і біялогіі праходзяць заўсёды на высокім метадычным узроўні, у хуткім тэмпе. Настаўніца дазваляе вучням выкарыстоўваць сама - і ўзаемакантроль, актыўна вырашаць праблемныя пытанні і заданні V-га ўзроўню ведаў вучняў.
Вялікую ўвагу надае Таццяна Васільеўна рабоце з адоранымі вучнямі, што пацвярджаецца шматгадовымі перамогамі яе навучэнцаў на навукова-практычных канферэнцыях па хіміі, біялогіі. Толькі ў 2015/2016 навучальным годзе пад кіраўніцтвам настаўніцы былі атрыманы такія перамогі, як І-е месца ў раённым конкурсе “Саракі” (каманда прынімала ўдзел у абласным туры) , ІІ-е месца ў раённым конкурсе экалагічных газет “Прырода і мы“, ІІ-е месца - у конкурсе “Цвіці, мой край!”, І-е месца ў намінацыі “У краіне зёлак” (конкурс “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”), ІІІ-е месца ў тым жа конкурсе ў вобласці.
Таццяна Васільеўна з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага фарміравання "Школа перадавога вопыту". У метадычнае фарміраванне ўваходзяць настаўнікі толькі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй ( а іх у школе 7), таму Таццяне Васільеўне неабходна граматна правесці кожнае пасяджэнне, што магчыма толькі пры добрасумленнай падрыхтоўцы самога кіраўніка. Усе пасяджэнні маюць цікавыя формы, гэта майстар-класы і практыкумы, панарамы педагагічнага вопыту і тыдні педмайстэрства. Перш чым падрыхтаваць такое мерапрыемства, неабходна “пералапаціць” мноства неабходных дапаможнікаў, папрацаваць у Інтэрнэце. Усё атрымліваецца ў кіраўніка, таму Таццяна Васільеўна, настаўнік вышэйшай катэгорыі, заўсёды наперадзе. Дарэчы, у 2015/2016 навучальным годзе створаны блог настаўніка хіміі, біялогіі Рукінай Т.В.
Значную работу вядзе настаўнік і як загадчык кабінета хіміі, біялогіі. Таму па выніках раённага агляду-конкурсу кабінетаў хіміі, біялогіі ў 2015/2016 навучальным годзе яе кабінет заняў ІІ-е месца. Вопытам работы Таццяна Васільеўна дзеліцца не толькі з калегамі, але і трансліруе яго ў перыядычных выданнях. Так, у 2015/2016 навучальным годзе артыкул “Лета з карысцю!” быў дасланы ў часопіс “Родная прырода”.
Сёння нельга не ўспомніць і шматгадовую дзейнасць настаўніцы на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, калі школа актыўна ўключылася ў інавацыйную дзейнасць па праекце “Этнашкола “Панямонне”, які стаў вядомым на ўсю вобласць…А кіраўніком праекта была Таццяна Васільеўна.
“Праца павінна прыносіць асалоду і карысць” - такі жыццёвы дэвіз Таццяны Васільеўны. Таму і гараць ля школы яркімі фарбамі рознакаляровыя клубы, а прыгожа і роўна пастрыжаныя рукамі настаўніцы туйкі прывабліваюць вока любога, хто прыходзіць на тэрыторыю школы. Хіба гэта не асалода ад працы? Не карысць установе адукацыі, прынесеная адным канкрэтным чалавекам? Чалавекам - майстарам, Чалавекам - умельцам, Чалавекам-творцам.
Таму і адзначаны ўвесь педагагічны стаж настаўніка Рукінай Т.В. толькі станоўчымі характарыстыкамі, ганаровымі граматамі і падзячнымі пісьмамі, якія заслужаны плённай працай і творчымі, сумленнымі адносінамі да яе. За якую б работу ні бралася настаўніца, - выконвае яе з душой. На самай справе, менавіта яна ўпрыгожвае тое месца, дзе знаходзіцца.
23 жніўня Таццяна Васільеўна адзначае свой чарговы юбілей. Мы віншуем яе з гэтай знамянальнай датай і жадаем моцнага здароўя, аптымізму і сіл яшчэ многа гадоў быць у калектыве лідарам, гатовым дапамагчы ўсім і кожнаму. Няхай той клопат, з якім выконваецца яе любая справа, і тая цеплыня, якой дзеліцца яна з акружаючымі, вяртаецца да яе штодня.